Родное свое. Совершим историческое путешествие накануне Дня города
Кожная пятніца — роднае і сваё. І сёння, напярэдадні дня нараджэння горада, мы адправімся ў невялікае гістарычнае падарожжа. А яшчэ пагуляем у гульню: праўда ці выдумка?
Першае пытанне: ці праўда, што Смалявічы ўпершыню згадваюцца ў гістарычных крыніцах у 1448 годзе?
Гэта праўда! Дадзены факт зафіксаваны ў грамаце Вялікага Княства Літоўскага. У дакуменце гаворка ішла пра мядовую даніну для мясцовых сялян: яны мусілі здаваць воск для свечак у мясцовы касцёл.

Ці праўда, што Смалявічы стаяць на зліцці дзвюх рэк?
Гэта таксама так! Горад размяшчаецца на сутоку Плісы і Дунайчыка. У свой час па рэках сплаўлялі лес, дзёгаць і смалу ў Бярэзіну і Дняпро для гандлю з іншымі краінамі. А яшчэ тут стаялі водныя млыны, лавілі рыбу і кармілі мясцовую жывёлу.

Першая двухпавярхоўка ў Смалявічах з’явілася ў 80-х гадах мінулага стагоддзя?
Не, гэта не так! Першую двухпавярхоўку пабудавалі ў 50-х гадах. На вуліцы Савецкай звялі першы цагляны жылы двухпавярховы дом для работнікаў райкама партыі. З часам будынак не раз мяняў свой функцыянал, а цяпер тут размяшчаецца невялікі гандлёвы цэнтр.

Ці праўда, што імем ураджэнца Смалявічаў Гаўрылы Ціхава названы кратэр на Месяцы?
Праўда! Кратэр Ціхаў названы ў гонар савецкага астранома Гаўрылы Адрыянавіча Ціхава. Гэты аб’ект уяўляе сабой вялікі старажытны ўдарны кратэр дыяметрам каля 84 кіламетраў, размешчаны ў паўночным паўшар’і на адваротным баку Месяца. Назва была афіцыйна зацверджана Міжнародным астранамічным саюзам у 1970 годзе.

Апошняе пытанне: ці праўда, што Смалявічы — лепшы горад для жыцця? Тут варыянтаў няма — гэта абсалютная праўда!

З надыходзячым святам, сябры.
#578лет #деньгорода
Рекомендуем