Юные экскурсоводы из Прилеп рассказали военную историю земляка

ПРИЛЕПЫ, ЛЯДЫ, Озерицко-Слободской сельсовет. У гады ваеннага ліхалецця Прылепскі край быў знакаміты сваімі героямі, якія змагаліся за мір. Памяць аб земляках беражліва захоўваецца ў школьным краязнаўчым музеі «Гісторыя Прылепшчыны». У рамках 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне навучэнцы гуртка «Юны экскурсавод» распавядаюць пра подзвігі ўраджэнцаў Смалявіцкага раёна і гісторыю спаленых вёсак.

– Лёгка сказаць: «Быць чалавекам»… Чалавек – гучыць горда, – з такіх слоў пачынае аповед шасцікласніца мясцовай школы Сафія Мархель. – У 1941 годзе на беларускую зямлю прыйшла вайна, ваенкамат пачаў прызыў. Сярод тых, хто адправіўся на фронт, быў і жыхар вёскі Ляды Мікалай Каранкевіч 1925 года нараджэння.
Да нашых дзён дайшлi звесткi: з 12 ліпеня 1943-га па 3 верасня 1945 года Мікалай Васільевіч ваяваў у 427-м стралковым палку 192-й стралковай дывізіі трэцяга Беларускага фронту. Захаваныя дакументы сведчаць аб адным з подзвігаў прыляпчаніна: «2 жніўня 1944 года ў раёне вёскі Лысанка-Данілавец Віленскай вобласці пры авалоданні асобнага дома сяржант Мікалай выявіў праціўніка. Першым падышоў да яго і знішчыў гранатай чатырох нямецкіх салдат і снайпера».
А 14 жніўня ўжо быў выдадзены загад падраздзялення аб узнагароджанні Мікалая Васільевіча медалём «За адвагу».
– Мікалай Каранкевіч пайшоў на вайну маладым, здаровым хлопцам, а вярнуўся інвалідам – ампутацыя абедзвюх ног. Але лёс не зламаў яго. Хлопец ажаніўся, стварыў сям’ю, вырасціў дзяцей. У мірны час працаваў малаказборшчыкам, перамяшчаўся на металічных пратэзах. Наш зямляк – прыклад мужнасці, стойкасці і чалавечнасці, – завяршае расказ юны экскурсавод. – Такія гісторыі дапамагаюць нам памятаць пра подзвіг нашага народа.
За гады Вялікай Айчыннай вайны Прылепскі край не далічыўся больш за 400 чалавек. Толькі ў адной вёсцы Ляды ў агні загінуў 91 жыхар. 135 склалі галовы на франтах, 18 аддалі свае жыцці, змагаючыся ў партызанскім руху, 235 чалавек мірнага насельніцтва было спалена і расстраляна…
#80_лет_Победы #Беларусьпомнит_Минщинагордится
Рекомендуем

