Меню

Что связывает Витгенштейнов со Смолевичами

СМАЛЯВІЧЫ. У аўторак, 25 чэрвеня, у сярэдняй школе №5 горада Смалявічы ў 17.00 адбудзецца прэзентацыя кнігі Папко Вольгі Мікалаеўны «Мастацкія калекцыі князёў Вітгенштэйнаў у кантэксце еўрапейскага мастацтва XIX стагоддзя», якая выйшла ў студзені 2024 г. у выдавецтве «Беларуская навука». Аб новай кнізе, аб князях Вітгенштэйнах і іх сувязі са Смалявічамі мы пагаварылі з аўтарам – кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Вокладка кнігі

– Як з’явілася ідэя напісаць гэту кнігу? Чаму вас зацікавілі князі Вітгенштэйны і хто яны такія?

– Ідэя напісаць такую кнігу з’явілася ў мяне падчас работы ў музеі «Замкавы комплекс «Мір», дзе я была дырэктарам у 2012–2016 гг. У Мірскім замку ёсць зала князёў Вітгенштэйнаў, якія валодалі ім у 1830–1880 гг. Замак з вакольнымі вёскамі трапіў у рукі князёў Вітгенштэйнаў пасля шлюбу аднаго з прадстаўнікоў – Льва Пятровіча – з князёўнай Стэфаніяй Радзівіл. У шлюбе яны пражылі нядоўга, пакуль жанчына не памерла ва ўзросце 22 гадоў у 1832 г.

Шукаючы партрэт князёўны Стэфаніі для залы Вітгенштэйнаў, я натыкнулася на калекцыі, якія належалі яе мужу і дзецям і захаваліся ў нашчадкаў у Германіі. У невялікім баварскім гарадку Шылінгсфюрсце аказалася пяць партрэтаў маладзенькай князёўны, у тым ліку дзіцячы партрэт. Першы том прысвечаны даследаванню калекцыі жывапісу, якую сабралі члены яе сям’і. 18 твораў з гэтага збору зараз належаць Мірскаму замку і прадстаўлены на трэцім паверсе Паўночнага корпуса музея.

– Чаму вы вырашылі правесці прэзентацыю ў Смалявічах? Як наш горад звязаны з героямі вашай кнігі?

– Смалявічы – адзін з маёнткаў князёў Радзівілаў і Вітгенштэйнаў, тут адбываліся зімовыя паляванні, якія вельмі любіла старэйшая дачка Стэфаніі і Льва – Марыя Львоўна Гагенлоэ, жонка нямецкага канцлера. Мірскаму замку належыць некалькі здымкаў, на якіх уладальніца маёнтка прадстаўлена падчас візіту ў Смалявічы. На гэтых здымках відавочна, што панская сядзіба была вялікім драўляным домам, дзе гаспадары адпачывалі.

Княгіня Марыя Гагенлоэ на засідцы падчас палявання на мядзведзя на землях маёнтка Смалявічы

Мне вельмі хочацца, каб мясцовыя жыхары даведаліся пра гісторыю мястэчка XIX ст., калі ім валодалі князі Вітгенштэйны.

– Вы расказалі нам пра першы том, а чаму будзе прысвечаны другі?

– Другі том ужо падрыхтаваны. Спадзяюся, што да пачатку наступнага года ён з’явіцца ў друку. Гэта кніга будзе прысвечана калекцыям графікі, скульптуры і фатаграфіі. Зноў запланавана шмат прыгожых ілюстрацый і даследаванне няпростых лёсаў твораў мастацтва. На вокладцы таксама будзе партрэт князёўны Стэфаніі, на гэты раз – скульптурны.

Фота прадастаўлена Вольгай Папко

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59