Шаг за шагом. Как староста из Прилеп объединяет деревню
Ганна ЛІЦКЕВІЧ – гараджанка, але з дзяцінства была цесна звязана з Прылепамі. Тут жылі яе бабуля і дзядуля.
– Я застала той час, калі тут былі клуб, кінатэатр, святкаванні на возеры, – успамінае яна. – Аднак з цягам часу вёска змянілася.
Калі Ганна вырашыла пераехаць сюды на сталае жыхарства, яна ўбачыла ўжо іншую карціну: многія элементы вясковага жыцця проста зніклі.
Пераезд выявіў і іншыя праблемы: у Прылепах не хапала месцаў для адпачынку з дзецьмі, не праводзіліся традыцыйныя святы – ні Новы год, ні Купалле.
Менавіта гэта падштурхнула яе да дзеянняў. Жанчына пачала з простага: арганізоўвала суботнікі, ініцыявала высадку кустоў, займалася стварэннем дзіцячай пляцоўкі. Яе актыўнасць заўважылі. Папярэдняя стараста прапанавала Ганне ўзяць на сябе гэтыя абавязкі, і пасля ўзгаднення з сельсаветам яна пагадзілася.
Варта адзначыць: стараста вёскі – гэта не пасада з заробкам, а добраахвотная праца. Галоўная задача старасты – быць сувязным звяном паміж людзьмі і мясцовай уладай: даносіць праблемы, дапамагаць у іх вырашэнні, перадаваць інфармацыю ў абодва бакі.
У вёсцы застаецца шэраг вострых праблем. Сярод іх – смецце на Дуброўскім вадасховішчы, адсутнасць кантэйнераў для яго, безадказныя паводзіны турыстаў.
– Возера – наша каштоўнасць, і мы павінны яго берагчы, – падкрэслівае стараста.
Пытанне са смеццем неаднаразова падымалася, аднак пакуль безвынікова. Дзеля таго, каб часткова вырашыць праблему, у Прылепах рэгулярна праводзяцца суботнікі. Праўда, удзел у іх пакуль не масавы.
– Я разумею: у кожнага свае справы, у кагосьці адзіны выхадны. Але ж вы гэта робіце не для мяне, а для сябе, – звяртаецца жанчына да мясцовых жыхароў.

Каб суботнікі і сходы былі не толькі фізічнай працай, але і нагодай для знаёмства, стараста стараецца стварыць цёплую атмасферу – з гарбатай, кавай і жывымі размовамі.
Яна імкнецца паказваць прыклад:
– Ідзяце гуляць – вазьміце з сабой пакет для смецця.
Разам з тым ёсць і канкрэтныя вынікі: пасля зваротаў жыхароў былі вырашаны праблемы з асвятленнем і адкрытымі люкамі.
Галоўная мэта Ганны – аб’яднаць людзей, каб карэнныя і новыя жыхары сталі адной супольнасцю.
Сярод планаў – стварэнне прасторы для агульнага адпачынку, правядзенне святаў і кірмашоў, аднаўленне мясцовай царквы. Ужо ў гэтым годзе летам плануецца будаўніцтва тратуарнай дарожкі – ад дзіцячага садка да прыпынку «Прылепы».

– Мне хочацца, каб людзі выйшлі з-за платоў і жылі не толькі для сябе. Каб мы зрабілі нашу вёску прыгожай, развітой, з захаванай прыродай і адноўленымі традыцыямі, – звяртаецца Ганна да мясцовых жыхароў.
Кацярына БАРОЎСКАЯ
Рекомендуем