Як захоўваюць памяць пра творцу з Клянніка

КЛЯННІК, Курганскі сельсавет. У аграгарадку Кляннік, побач са школай, ёсць будынак з мемарыяльнай дошкай: “У гэтым доме 2 красавіка 1902 года нарадзіўся таленавіты беларускі пісьменнік-празаік Мікола Уладзіміравіч Нікановіч. Загінуў без вестак у 1944 годзе на тэрыторыі Чэхаславакіі. Удзячнасць нашчадкаў”.
Доўгі час памяць пра пісьменніка захоўвала яго пляменніца Зінаіда Ленартовіч, якая жыла ў гэтым доме. Зараз яе няма, і зберажэннем фактаў пра жыццё творцы займаецца яго ўнучатая пляменніца Яўгенія Дзяркач.

“Мікола Нікановіч працаваў настаўнікам Кляннікскай школы, шмат друкаваўся і ў 1923 годзе ўступіў у аб’яднанне “Маладняк”. Сярод яго сяброў – Цішка Гартны і Янка Купала, якія, дарэчы, бывалі ў хаце, дзе я зараз жыву. Яе перавезлі пасля вайны з хутара Паскеўшчына. Цікавасць творцаў вызывала асоба Міхала Пашкевіча – дзеда пісьменніка, які дажыў да 107 гадоў і памятаў прыгоннае права. На падставе яго ўспамінаў пазней яны выдалі кнігу “За прыгонам”. У 1928 годзе пісьменнік перабраўся ў Менск, а ў 1933-м яго рэпрэсавалі. У 1942 годзе Нікановіча прызвалі ў армію, а ў кастрычніку 1944-га ён прапаў без вестак падчас баёў на тэрыторыі Чэхаславакіі.”.
На пачатку жніўня Яўгенія Адамаўна ажыццявіла свае планы і паставіла новы помнік на магіле бацькоў пісьменніка ў Клянніку, побач з якімі размясцілі і яго выяву.

“Мы рабілі запыты, намагаючыся адшукаць, дзе менавіта захаваны дзядзька, але канкрэтнага места нам так і не ўказалі. Таму я вырашыла ўшанаваць яго памяць менавіта так. На абаротным баку помніка майстры нанеслі надпіс: “Светлая памяць беларускаму пісьменніку Міколе Нікановічу, які прапаў без вестак на франтах вайны”.