От офисного кресла к рассаде. Рассказываем про зеленое увлечение логиста из Усяжки
Таццяна АНДРЭЕВА па прафесіі лагіст, але пасля работы яна ператвараецца ў захопленага агародніка. Ужо восем гадоў жанчына займаецца вырошчваннем расады, і гэта хобі даўно стала неад’емнай часткай яе жыцця.
Шлях да гародніны
Да набыцця дома ў Усяжцы Таццяна была тыповай гараджанкай і не ўяўляла сябе сярод градак. Усё змяніла сяброўка з вёскі, якая і натхніла яе паспрабаваць сябе ў агародніцтве. З таго часу кожны сезон для Таццяны пачынаецца ўжо ў сярэдзіне лютага.
Сёння яе «хатняя цяпліца» ўражвае маштабамі: каля 300 кустоў перцу, 200 памідораў, а таксама агуркі і баклажаны. Асобнае месца ў сэрцы гаспадыні займаюць кветкі – петуніі, бархатцы, гацаніі, астры, лабеліі.
– Расада для мяне – гэта хобі, – кажа яна.

Сакрэт поспеху
Клопат пра расліны патрабуе часу і цярпення: штодня Таццяна вылучае на паліў, пікіроўку 3–4 гадзіны.
– Сакрэт добрай расады – жаданне, зямля і догляд, – дзеліцца суразмоўніца.
Найбольшай праблемай Таццяна называе недахоп месца. Падаконнікі, паліцы і нават частка пакоя ператвараюцца ў імправізаваную аранжарэю. Але, як прызнаецца жанчына, іншых цяжкасцей яна амаль не адчувае – толькі часам даводзіцца перажываць з-за няўдалых эксперыментаў. Напрыклад, пасля пікіроўкі могуць завянуць петуніі. Аднак нават у такіх выпадках яна стараецца не засмучацца і рухаецца далей.
Першыя памочнікі
У доглядзе за раслінамі ёй актыўна дапамагае муж, а вось дзеці часта кажуць, што ўсё можна проста купіць у краме, але гаспадыня з гэтым не згодная: яна пераканана, што нічога не можа быць смачнейшым за вырашчанае ўласнымі рукамі.

Па словах Таццяны, самыя непатрабавальныя – гэта памідоры: нават калі сцябло зламаецца, расліна можа аднавіцца. Магчыма, таму менавіта памідоры сталі яе галоўным гонарам – адзін з пладоў дасягнуў амаль паўтара кілаграма.
Кожны год жанчына думае, што пасадзіць менш, але на практыцы атрымліваецца наадварот – колькасць расады толькі расце. Лішкі не прападаюць: лепшыя расліны адпраўляюцца ў цяпліцу, а астатнія Таццяна ахвотна аддае знаёмым і суседзям.
Кацярына БАРОЎСКАЯ
Рекомендуем