Жыхарка вескі Прылепы расказала, як кітайцы вывучаюць беларускую мову
ПРЫЛЕПЫ, Азярыцка-Слабадскі сельсавет. Жыхарка вёскі Прылепы Ганна Валачко – доктар педагагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі, аўтар падручнікаў роднай мовы, па якіх вучацца нашы дзеці.
На працягу шэрагу гадоў па запрашэнні кітайскага боку яна працавала ў адным з лінгвістычных універсітэтаў паднябеснай, дзе выкладала… беларускую мову. Знаёміла кітайскіх студэнтаў з культурай і традыцыямі нашай краіны.
Ганна Міхайлаўна распавяла нам пра цікавы выпадак, калі кітайскія студэнты прыехалі па праграме абмену ў Беларусь і прыйшлі на практычныя заняткі ў ГУМ.
“Тэма ў іх была “Адзенне”. Мы знайшлі беларускамоўную супрацоўніцу, да якой студэнткі маглі звяртацца пры выбары рэчаў. Уявіце карціну, калі кітайскія дзяўчаты апанавалі аддзел, круцяцца перад люстэркамі і пытаюцца: “Ці пасуе мне гэта футра? А, можа, лепш абраць чырвоны колер?”. Канешне, паглядзець на гэтыя заняткі сабралася шмат цікаўных. А калі наведвальнікі ўнівермага захацелі больш даведацца пра дзяўчат і пасыпаліся пытанні, яны як добрыя вучаніцы пачалі расказваць завучанае. Дарэчы, кітайскія студэнты, калі прыязджаюць у Беларусь, часта абіраюць на перыяд навучання славянскія імёны. Дык вось адна з іх, Анфіса, хуценька адказала: “Я прыгожая дзяўчына, у мяне шыя лебядзіна…”